A R C H E - S K A R Y N A № 2(7)–2000
ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 2(7)-2000

Андрэй Хадановіч

Вісячыя Вертаграды
Вянок на магілу Семяжона Полацкага

Міхась Баярын. Шалёны вертаградар (Вянок на магілу Ёзэфа Кнэхта).
— Менск: БГАКЦ (па замове Эўрофоруму), 1998.
Міхась Баярын. Senectutes. — Менск: Крыніца, №55.
Міхась Баярын. Umbrae. — Менск: Nihil, 1999.


АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ
паэт, перакладчык паэзіі і гуманістыкі, выкладае замежную літаратуру ў БДУ.
 
Усе вы, паэты для паэтаў, што пішуць вершы
пра паэзію,
Усе вы, паэты паэтычных сэмінараў…
Усе вы, бяздомныя Эзры Паўнды…
Лорэнс Фэрлінгеці
Ня крыўдзі хлопчыкаў,
не дражні іх словамі з энцыкляпэдыі.
Хлопчыкі такія датклівыя,
а ты завеш іх „качканосамі“ й „мурашкаедамі“.
Ален Баске

Дзіўную рэч прапаноўваю я табе, аматар беларускай паэзіі, — рэцэнзію, якая спазьнілася больш чым на год. Сёньня дзьвюхтысячны, а яшчэ ў 1998-м у наяўнасьці меліся ажно два наклады — адзін самаробны, другі з „фрагмэнтаўскай“ сэрыі „Галерэя Б“ — кнігі вершаў „Шалёны вертаградар“, пра якую й пойдзе гаворка. Прозьвішча аўтара кнігі воляй лёсу таксама пачынаецца зь літары „Б“, што сымбалічна. Гэта прыгожае, „паэтычнае“ прозьвішча, якое магло б цалкам пазбавіць (як сьведчыць практыка, так і не пазбавіла) яго носьбіта пошукаў непатрэбных псэўданімаў. У спазьненьні рэцэнзіі былі свае прычыны: у 1998 аўтар гэтых радкоў ужо ведаў пра іншыя, пазьнейшыя тэксты Міхася Баярына — „Senectutes“ ды „Umbrae“, якія падабаліся яму значна больш за сабраныя ў кніжцы. Калі параўноўваеш „Шалёны Вертаградар“ з двума апошнімі творамі, бачна, што ён збольшага — зь яскравым выняткам „Лістоў да беларускага сябра“ — складаецца зь літаратурных штудыяў паэта-пачаткоўца, вельмі таленавітага, але ж пачаткоўца, які хутчэй абяцае зьяўленьне праўдзівай паэзіі, чым дэманструе яе. Дзьве ж апошнія баярынаўскія публікацыі, у часопісе „Крыніца“ (№55) і альманаху „Nihil“ (не даяце веры — можаце набыць ды спраўдзіць самі!), пераканаўча паказалі, што абяцаньне гэтае паэт покуль стрымлівае. Гэта дае нам поўнае права корпацца ў спробах і памылках „шалёнага вертаградара“, аддзяліўшы яго, нібы цень, ад сьветлай постаці Міхася Баярына — лідэра маладых беларускіх паэтаў. Корпацца бяз страху пашкодзіць ягонай літаратурнай рэпутацыі — ёй, дзякаваць Богу, нічога не пагражае. Не нанесла ж істотнага ўдару па рэпутацыі Віславы Шымборскай зьяўленьне па-беларуску ейных раньніх сацрэалістычных вершаў у згаданым „Nihil’і“ зь ведама згаданага Баярына, — народ мусіць ведаць пра сваіх герояў усё!

 
Сутыкнуўшыся з баярынаўскай паэзіяй упершыню, я быў узрушаны, захоплены перадусім яе непадобнасьцю да ўсяго, з чым у нас трывала асацыююцца беларускія вершы. Я ня ўпэўнены, што векапомнае пушкінскае сьцьвярджэньне, так бы мовіць, паэтычная „формула адзін“ — „паэзія мусіць быць дурнаватаю“ — пайшла на карысьць расійскай літаратурнай традыцыі, але бадай што нідзе яна не нарабіла столькі шкоды, колькі тут, у нас, дзе кожны „загад па войску мастацтваў“ выконваўся з дакладнасьцю. Чытач, які спадзяецца, што паэт будзе цешыць ягоную душу прыгожым словам і ня будзе турбаваць мозгу, — ня дзеля трэніроўкі ж зьвілінаў вынайшлі паэзію, яна ж не крыжаслоў! — непрыемна расчаруецца. Менавіта рацыянальнага ўспрыманьня гэтыя тэксты часам і вымагаюць. Мы прызвычаіліся, што паэзія, напісаная сэрцам і прызначаная не для абдумваньня, а для пачуцьцяў, сапраўднейшая. Таму паэт-інтэлектуал мусіць наперад апраўдваць сам факт свайго існаваньня. А ці варта?

Калі, чытаючы той ці іншы тэкст Баярына, трапляеш у інтэлектуальную пастку, дык вінаваты ў гэтым найхутчэй не Баярын, а нехта іншы (здагадайся, хто).

Расчаруецца сярэднестатыстычны чытач і яшчэ ў дзьвюх рэчах: у сваім нібыта-дасканалым валоданьні беларускай мовай і ў сваёй нібыта-глыбокай літаратурнай эрудыцыі. Наконт першага прасьцей: шчыра раю ўзброіцца слоўнікамі Ластоўскага і перадусім Байкова-Некрашэвіча. Ня ўзрушыць паэзія Баярына, дык прынамсі павялічыш свой пэрсанальны лексычны запас. Сустрэўшы тое ці іншае дагэтуль невядомае ўласнае імя, таксама можна зьвярнуцца па літаратурную даведку да пэўнай першакрыніцы, ад акадэмічнай энцыкляпэдыі да трывіяльнага чытва ў стылі фэнтэзы (Гамэр і Жэлязны тут амаль суаўтары, роўныя ў аўтарскіх правох як міжсобку, так і з паэтам Міхасём Баярыным). Не атрымаеш катарсысу, дык хаця б пашырыш культурны далягляд.

Значна цяжэй угледзець у сустрэтым словаспалучэньні прыхаваную цытату, пагатоў далёка ня кожны аб’ект цытаваньня адной табе належыць, Беларусь мая! І тут ужо ніякага даведніка не параіш. Мусіцьмеш далучацца да сусьветнай літаратуры як такой, кожнага разу вырашаючы для сябе пакутлівую праблему: на якой мове чытаць тое, чаго па-беларуску проста не існуе (такіх выпадкаў — пераважная бальшыня). Мяркуючы па кнізе, Міхася Б. гэтая праблема ня надта абыходзіць. Напэўна, я не памылюся, сьцьвердзіўшы, што пэрыяд „Шалёнага вертаградара“ прайшоў для Баярына-чытача пад знакам беларускіх слоўнікаў — і расійскамоўных перакладаў замежнай літаратуры. Ня трэба далёка хадзіць па довады, вось, да прыкладу, радок зь „Перадапошніх хімэрычных баляд“: „Зьніклі Кот, Брандашмыг, Бармаглот“. Натуральна, пазнаецца Кэрал, але Кэрал расійскі, Кэрал дэмураўска-маршакоўска-седакоўскі. Так, можна згадаць, што „Бармаглот“ у сябе на радзіме завецца „The Jabberwocky“, у Нямеччыне — „Der Jammerwoch“, у Францыі — „Le Jaseroque“, у Польшчы — „Dziaberliada“. Ну, а ў нас покуль, на вялікі жаль, як у Баярына. Зь іншага боку, выдумай беларускую назву — не пазнaюць, дзякуй, калі шчэ Бармаглота ведаюць. Бляск ды мізэрнасьць інтэртэкстуальнасьці па-беларуску! Нават назва кнігі апэлюе часткова да расійскае літаратурнае традыцыі — да расійскамоўнай кнігі вершаў паэта, якога ў нас часьцяком скарачаюць як С.Полацкі (ці не фаміліянт, выпадкам, Э.Полацкай?), кнігі „Вертоград многоцветный“. „Вертаград“ — гэта, ведама ж, „сад“, а „шалёны вертаградар“, адпаведна, — ці то „звар’яцелы садоўнік“, ці то „разьюшаны садыст“.

Мае жарты, магчыма, выходзяць за межы баярынаўскай задумы, але добра выяўляюць сутнасьць ягонага творчага мэтаду (калі можна скарыстаць з старасьвецкага тэрміну „творчы мэтад“). Свайго часу паэт Эзра Паўнд, ведамы Баярыну й нават перакладзены ім у памеры дзьвюх першых „Песень“ із славутых „Cantos“ (Крыніца, №57), прапанаваў сусьветнай паэзіі свой „ідэаграфічны мэтад“. Сутнасьць мэтаду вось у чым: як кітайцы могуць аб’ядноўваць два розныя гіерогліфы ў трэці, сэнс якога ня ёсьць простай сумай двух зыходных, так і паэт можа злучыць два (ці больш) вобразы, дзьве, тры й г.д. цытаты, колькі топасаў у пэўным самастойным мастацкім адзінстве, а калі культурная вартасьць таго, што атрымалася, вытрымлівае канкурэнцыю із сваімі літаратурнымі складнікамі, дык гонар ды пашана гэтаму паэту. Элемэнтарны прыклад: „Лісты да беларускага сябра“ ў сваёй амаль элегічнай вэрсыфікацыйнай пабудове проста ня могуць ня выклікаць асацыяцыяў зь лістамі да сябра рымскага (хай Марцыял ды Бродзкі даруюць мне зьнікненьне двукосься, а адукаваныя чытачы — тлумачэньне „агульных месцаў“), а пры канцы ператвараюцца ў лісты з-пад шыбеніцы, што не замінае ім застацца тымі самымі лістамі.

Вось жа, ёсьць у кнізе топасы й іх „ідэаграфічныя“ кантамінацыі, без выяўленьня якіх тапаграфічная мапа баярынаўскай творчасьці будзе недакладнай. Апрача садысцкага альбо несадысцкага вертаградарства варта адзначыць матыў вяртаньня Адысэя-Ўліса. (Карыстаючыся аказіяй, адзначу, што Баярын — рэдкі ў нашай культуры аўтар, які ведае, як правільна ставіць націск у слове „Уліс“. Але артаэпічную веду можна й трэба пашыраць: так, Міхасю, націск у слове „Тартар“ падае ня так, каб зручней было ўставіць слова ў радок, а па-ранейшаму на першы склад.) Ёсьць адысэеўскія ноткі ў голасе лірычнага героя „Лістоў да беларускага сябра“, але „соплі лазуры й хмар“ — о радасьць пазнаваньня! — неаспрэчна даводзяць, што Адысэеў карабель (у Баярына тут і паўсюль ён чамусьці называецца „жагляром“, хоць „Старабеларускі лексікон“ Прыгодзіна і Цівановай тлумачыць „жегкляръ“ як „марак“) у нас на вачох ап’янеў, як ня мроілася нават выхаванаму на капітане Нэма шарлевільскаму аматару прыгодніцкага чытва, чыё прозьвішча ў нас звычайна вымаўляюць так, што гэта нагадвае зусім іншы прыгодніцкі жанр. Але мэтамарфозы на гэтым не канчаюцца. У спадарожнікі да героя, натуральна, трапляе Харон, і ўсё ўстае на свае месцы. Ладзьдзя Роспачы паўз Сцылу й Харыбду, паўз „зорныя архіпэлягі“ й „багны Левіятана“ плыве ў Аід-Гадэс-Тартар, а непадрыхтаванага чытача апаноўвае нелітаратурная роспач — надта ўжо складаную „ідэяграфічную“ партыю вядзе Баярын. Бавіцца інтэлектуальнымі гульнямі ў вісячых вертаградах Баярына — гэта вам ня ў шахматы ізь сьмерцю гуляць! Там, дзе Караткевіч здольны „запазычыць“ адно сюжэтны ход у Бэргмана (глядзі фільм „Сёмая пячатка“), аўтар „Лістоў“, не сумеўшыся, па-бэндэраўску „сьцягне“ з дошкі шахматную фігуру, якою, цалкам магчыма, будзе акурат ладзьдзя роспачы (хай Караткевіч ды Баярын даруюць мне зьнікненьне двукосься, а адукаваныя чытачы — чарговае тлумачэньне банальнасьцяў).

Дарэчы, шматкроць тут згаданыя „Лісты да беларускага сябра“ могуць стацца добрай нагодаю для разваг пра ўласна вэрсыфікацыйны бок баярынаўскай паэзіі. Нетрадыцыйнасьць верша (ход не пра вершаваны твор, а пра рытмічную пабудову асобнага радка) прыемна вылучае ягоныя тэксты на фоне сучаснай айчыннай паэзіі. Калі казаць пра апошнюю, дык яна збольшага існуе ў двух варыянтах. У першым выпадку складаецца ўражаньне, што аўтары сумленна карыстаюцца „азамі“ тэорыі вершаскладаньня, набытымі шчэ ў школе, з тае пары ня надта пасунуўшыся наперад, альбо наагул лічаць ніжэйшым за свой гонар памятаць пра такую драбязу. Навошта? Лепш кіравацца натхненьнем ды інтуіцыяй, якія калі й каго падмануць, дык калег па рамяству — гэта яны, няздары, хай памятаюць пяць мудрагелістых назоваў; ім гэта ўсё адно не дапаможа, а мне, генію, маўляў, няма чаго пераймацца. Другі дыягназ — павальнае захапленьне вэрлібрам. Гэта ўвогуле не вымагае ніякага рамяства й нічым не абмяжоўвае вольнага лёту творчай думкі. Галоўнае ўмець нестандартна мысьліць, а там драбі сабе сказы на кавалкі, запісваючы іх „у слупок“ (плацяць у нас па-ранейшаму за радкі!). Да таго ж, калі прыйдзе час міжнароднага абмену культурнымі набыткамі, замежныя калегі з большай ахвотаю возьмуцца перакладаць менавіта цябе.

Паэтычныя спробы Баярына ня ўпісваюцца ў гэтыя сцэнары вэрсыфікацыйных паводзінаў. Тое, што паміж рэгулярным вершам і вэрлібрам існуе безьліч пераходных стадыяў, паэту, на шчасьце, добра ведама. Да таго ж, можна карыстацца сыстэмамі вершаскладаньня, якія выпрацавалі культуры, старажытнейшыя за нашую. Да прыкладу, антычнымі — мусілі ж нечаму навучыць на клясычным аддзяленьні філфаку! Навошта насьледаваць ізь сьляпою дакладнасьцю? Досыць зрабіць тонкую стылізацыю. Стылізуй верш пад антычнае элегічнае двухрадкоўе, пэнтамэтар, нешта ў рытме спрасьціўшы, але пакінуўшы агульны калярыт, — і атрымаеш акурат рытм „Лістоў да беларускага сябра“. Ёсьць, аднак, у „Лістох“ адзін элемэнт паэтыкі, які немагчыма сустрэць у элегіях Авідыя, Прапэрцыя ды Тыбула, элемэнт барбарскі, сярэднявечны. Уважлівы чытач заўважыць, што канчаткі ўсіх цотных радкоў сугучныя міжсобку, то бок 71 радок сканчаецца тым самым галосным [а]. Цяжка назваць гэта скразным рымам, надта ўжо недакладная гэтая рымоўка. Згадваецца хутчэй старажытнафранцускі эпас („Песьня пра Ралянда“), дзе ў кожным кавалку тэксту, так званай лесе, альбо тырадзе, усе вершаваныя радкі маюць адзін і той самы канцавы галосны. Гэта асанансная рымоўка, досыць архаічны паэтычны сродак, які, дзякуючы нашаму паэту, атрымлівае сваё другое жыцьцё. (Колькі разоў можна ажывіць, здавалася б, незваротна памерлае, з дакладнасьцю ведаюць адно паэты ды, бадай што, яшчэ аматары кампутарных гульняў!)

Хаўтурны вянок, якім аўтар зычлівым жэстам Мэльпамэны аздабляе магілу Ёзэфа Кнэхта, прымушае згадаць пра недаступную сьвіньням суцэльна кашэрную гульню шкляных пэрлаў, таму краіна на нашай мапе, згодна з воляю Гесэ, магла б насіць назву „Касталія“.

Хоць усе хібы і няўдачы кнігі ўраўнаважваюцца несумнеўнымі ўдачамі, немагчыма, аднак, устрымацца й не прывесьці тут колькі баярынаўскіх „шкляных пэрлаў“, пару-тройку найвыдатнейшых прыкладаў таго, да чаго вядзе нічым не ўтаймаваная прага моўнага пурызму й не зусім крытычнае стаўленьне да сваёй паэтычнай прадукцыі.

У падземных сутарэньнях
майго дома
Працуюць, што ў пекле,
качкн (sic!).
Магчыма, апошняе загадкавае словаўжываньне на сумленьні не пазначаных у кнізе рэдактара й карэктара (барані мяне, Божа, сьцьвярджаць, што іх проста не было!), а нам цікавейшыя „падземныя сутарэньні“. Цалкам зразумелае жаданьне гаварыць прыгожа й не выкарыстоўваць словаў, якія б нагадвалі расійскія альбо беларускую мову „зьвяздоўскага“ кшталту. Але ж усяму ёсьць мяжа! „Сутарэньне“ — гэта ад францускага „souterrain“, што ўжо азначае „падземны“. З роўным посьпехам можна было б напісаць і „падземны андэграўнд“. (Трэ было зьвярнуць увагу на гэты выпадак яшчэ й таму, што нешта падобнае да „падземных сутарэньняў“ мільгае і ў пазьнейшых творах „сталага“ Баярына.) А „ачавістыя віжы“, „канцавосныя калянасьці“ (ці не на адной бачыне слоўніка аўтар пэўнага дня знайшоў абодва словы й хуценька ўставіў у верш, каб не забыцца на каштоўны лексычны набытак?), „зеркі“, „зіркі“ ды „пазоры“, якія апускае лірычны герой, трохі перашкаджаюць пад час чытаньня ды псуюць уражаньне ад добрых, па вялікім рахунку, вершаў. Так, ёсьць прэцэдэнты зафіксаванага ўжываньня слова „пазор“, але ў сэнсе „чароўнасьць“ (слоўнік Я.Станкевіча ды інш.), а не „пагляд“, да таго ж — ці ня досыць лексычных дублетаў для выражэньня таго самага панятку? Ці не пакінуць гэтае слаўцо ў яго міжмоўнай шматзначнасьці расійцам, чэхам ды палякам? Лепш карыстацца знаходкамі пурыстаў дзеля таго, каб закрываць „белыя плямы“ ў нашай лексыцы — іх покуль хапае! Што ж да „зерак“-„зірак“, дык добра было б, каб аўтар выпрабаваў іх жыцьцяздольнасьць, назваўшы так прыўкрасныя вочы сваёй абраньніцы — так хутчэй вучышся ашчаднасьці словаўжываньня!

Некалі, гартаючы тую ці іншую кнігу вершаў альбо праглядаючы яе зьмест, мы цешыліся забаваю — складалі ў адзінае цэлае колькі першых радкоў пазначаных „зорачкамі“ твораў. Цікавыя атрымліваліся рэчы. Вось, прыкладам, у Мандэльштама сьледам за „Я не слыхал рассказов Оссиана“ літаральна карціць паставіць „Я не увижу знаменитой Федры“, а радкі „Выхожу один я на дорогу“ (Лермантаў), „Выхожу я в путь, открытый взорам“ (Блок) і „Гул затих. Я вышел на подмостки“ (Пастэрнак), на маю думку, проста створаныя адзін для аднаго. Урэшце атрымлівалася нешта накшталт: „Дано мне тело — что мне делать с ним//В разноголосице девического хора?//Как этих покрывал и этого убора//В морозном воздухе растаял легкий дым!“ — такая вось эротыка на марозе, змайстраваная зь першых радкоў чатырох розных твораў Мандэльштама! Кажуць, нечым такім займаліся свайго часу ваганты. Калі так, дык у вас ёсьць магчымасьць адчуць сябе патэнцыйным вагантам. Досыць набыць баярынаўскі „Шалёны вертаградар“ ды перагарнуць колькі першых бачынаў. „Калі конь вырываецца з стайні…“, „Калі прыціхае вецер…“. Можа, выпадковасьць? Ды не. „Калі мяне нарадзілі…“. Тры зь першых пяці тэкстаў. Вось жа, амаль паводле Кіплінга, паэт пачынае як праўдзівы вязень замка „If“! Паказальна, што беларускае „калі“ выражае ня толькі час, але й умоўнасьць, таму ёсьць спакуса паставіць пад пытальнік сапраўднасьць усяго, пра што тут апавядаецца. „Калі мяне нарадзілі…“ Паспрабуйце перачытаць тэкст у гэтым ключы. А ў галаве ўсплывае ці то з Караткевіча, ці то з Хлебнікава: „Калі паміраюць дрэвы… калі паміраюць жывёлы… калі паміраюць гарады… калі паміраюць плянэты… калі памірае каханьне — пяюць песьні“.

Аднойчы мне паталаніла: я пачуў, як Баярын пяе ўласныя вершы, акампануючы сабе на гітары. Сказаць, што Міхась ня мае слыху й дрэнна валодае музычным інструмэнтам — гэта нічога не сказаць! Але было нешта, што прымусіла мяне задушыць у горле гамэрычны рогат. Напэўна, гамэраўскі патас — сьмешная й велічная перакананасьць аэда-рапсода, што адзіная годная форма апавядаць пра істотнае, адзіная запарука праўдзівасьці ў абодвух сэнсах гэтага слова — менавіта сьпеў. Так, усе мы ведаем, што можа здарыцца, калі вуха музыкі сустракаецца зь лёгкай ступою выхаванца смаргонскай акадэміі, але ў паэтаў свой унутраны слых, які ня мае з музычным амаль нічога супольнага. Пагатоў, ёсьць яшчэ непарушнае права паэта чытаць свае творы ўголас, якім Баярын карыстаецца адмыслова. Ягоная дэклямацыя, самадастатковая, безь відочнага жаданьня спадабацца публіцы, прызначана хутчэй для камэрных паэтычных чытаньняў, чым вялікіх заляў, стадыёнаў альбо мітынгаў („у вузкім сямейным кодле“, — як пажартаваў бы сам паэт). У расійцаў ёсьць калямбур: для таго каб цябе „слушали“, трэба, каб цябе „слышали“. Гэта пастулят для прамоўцаў (ад слова „promotion“), што працуюць зь вялікаю аўдыторыяй. Беларуская мова падказвае прынцыпова іншую формулу: каб цябе напраўду слухалі, твае словы мусяць быць слушнымі. А гэта ўжо ня колькасная, а якасная характарыстыка, і ці ня тут — зародак элітарнасьці наагул і „цяжкасьці“ паэзіі Баярына ў прыватнасьці? Некалі Фэдэрыка Гарсія Лёрка тлумачыў гішпанцам, што паэт Гонгара зусім ня „цёмны“, проста, у адрозьненьне ад іншых паэтаў, якія самі прыходзяць да нас із сваім паэтычным смуткам, яго трэба шукаць, і шукаць розумам. „Цёмным“ і „сьветлым“, па вялікім рахунку, бывае не паэтычны стыль, а розум чытача. Таму той факт, што дадзеная запозьненая рэцэнзія дагэтуль актуальная, бо наклад „Вертаградара“ да сёньня не раскуплены, — гэта дакор найхутчэй не Баярыну, а некаму іншаму (здагадайся, каму!).

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

ARCHE-Skaryna 2(7)-2000 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 12-04-2000

TopList